Велічная і слаўная гісторыя раёна пачынаецца з каменнага веку. На тэрыторыі Хойнікшчыны людзі жылі ўжо каля 26 тысяч гадоў таму назад, што пацвярджаецца наяўнасцю амаль 30 стаянак першабытных людзей, на якіх былі выяўленыя розныя знаходкі: астанкі дагістарычных жывёл, каменныя прылады працы і палявання, фрагменты керамікі. Адна з гэтых знаходак – долата з меднага сплаву, паводле ацэнак навукоўцаў з'яўляецца найстаражытнай металічнай прыладай працы са знойдзеных на тэрыторыі Беларусі.
Даўней назвы сваім паселішчам часта давалі з улікам асаблівасцяў ландшафту, флоры, фауны. Верагодней за ўсё назва Хойнікі-вытворнае ад Хвойнікі, што азначае вялікія масівы іглічных лясоў. Што і пацвярджаецца старадаўнімі пісьмовымі крыніцамі, у якіх мястэчка часта называецца Хвойнікі. Назва ж Хойнікі ўзнікла ў перыяд знаходжання беларускіх зямель у складзе Рэчы Паспалітай і мае просты сэнс: паселішча на месцы хвойнага лесу або па суседстве з ім. Такая назва і дайшла да нашых дзён.