Ён аб'яднаў у ГКЦ ветэранаў педагагічнай працы, работнікаў і кіраўнікоў устаноў адукацыі з усяго рэгіёну.
- Няма звання вышэй, чым педагог. Ваша праца – гэта вялікая місія, у вашых руках – лёс нацыі, будучыня краіны. Бо ля вытокаў усіх дасягненняў стаяць настаўнікі. Нават самыя вялікія асобы засталіся ў гісторыі як вучні сваіх настаўнікаў, – звярнуўся да педагогаў намеснік старшыні аблвыканкама Дзмітрый Алейнікаў. – Жадаю вам шчасця, дабрабыту, таленавітых і захопленых навучэнцаў. З наступаюучым святам!
У ходзе ўрачыстасці лепшым педагагічным работнікам уручылі заслужаныя ўзнагароды.
Сярод іх – настаўніца англійскай мовы СШ № 2 Рэчыцы Марына Шылёнак. Яе стаж перавышае чвэрць стагоддзя. Педагог таксама выкладае асновы праваслаўнай культуры, асновы духоўна-маральнай культуры і патрыятызму, чытае лекцыі ў абласным інстытуце развіцця адукацыі. Марына Міхайлаўна лічыць, што самае галоўнае – гэта любоў: да дзяцей і да прафесіі. Вучні гэта адчуваюць і таксама пачынаюць выкладвацца на сто працэнтаў.
Больш за 15 гадоў на Гомельшчыне пішуцца старонкі кнігі-летапісу «Педагагічны Алімп». У гэтую ганаровую кнігу раней былі ўнесены імёны 95 работнікаў сістэмы адукацыі рэгіёна. Напярэдадні Дня настаўніка, які сёлета адсвяткуем 5 кастрычніка, гэты спіс папоўнілі яшчэ 15 педагогаў вобласці.
Дзіцячыя і маладзёжныя творчыя калектывы з розных куткоў рэгіёна падрыхтавалі насычаную канцэртную праграму. У фае для гасцей арганізавалі восеньскія тэматычныя фотазоны, фотавыставу «Настаўнік у салдацкай шынялі». Працавала святочная пошта і віншавальная дзіцячая тэлестудыя «У кадры вучыцель».
Да спіса