Да світання моладзь, прадстаўнікі працоўных калектываў, сілавых ведамстваў, актыў раённага аддзялення Беларускай партыі «Белая Русь» сабраліся разам на маладзёжную акцыю «Ніхто не забыты, нішто не забыта» ўспомніць пра мільёны загінуўшых і ўшанаваць іх памяць.
У 4 гадзіны раніцы ў Хойніках адбыўся мітынг ля брацкай магілы савецкіх воінаў, партызан і падпольшчыкаў.
Да прысутных звярнуліся старшыня раённага Савета дэпутатаў, лідар раённага аддзялення Беларускай партыі «Белая Русь» Людміла Рудчанка, а таксама першы сакратар райкама БРСМ Наталля Іўлева.
Падчас моладзевай акцыі «Ніхто не забыты, нішто не забыта»яе ўдзельнікі пакінулі запаленыя лампады ля падножжа мемарыяла.
Пазней ля брацкай магілы адбыўся мітынг-рэквіем «Нас памяць кліча ў 41-й».
У мерапрыемстве, прысвечаным 84-й гадавіне пачатку Вялікай Айчыннай вайны, прынялі ўдзел прадстаўнікі кіраўніцтва раёна, супрацоўнікі сілавых ведамстваў. Прысутнічалі таксама прадстаўнікі раённага аддзялення Беларускай партыі «Белая Русь», моладзь, ветэраны працы.
Нельга забыць! Пра гэта гаварылі на мітынгу-рэквіеме старшыня раённага Савета дэпутатаў, лідар раённага аддзялення Беларускай партыі «Белая Русь» Людміла Рудчанка, намеснік пракурора раёна Юрый Валохін.
Апоўдні ва ўнісон з усёй краінай хойнічане ўшанавалі хвілінай маўчання ўсіх, хто загінуў у Вялікай Айчыннай вайне. У гэты момант загучаў звон, а іерэй Пакроўскага храма айцец Аляксандр заклікаў у сваіх шчырых малітвах памянуць усіх, хто змагаўся за нашу свабоду.
Удзельнікі мітынгу па традыцыі ўсклалі бярэмя жывых кветак да падножжа помніка на воінскім пахаванні.
Намеснік пракурора Хойніцкага раёна Юрый Валохін: «Мы працягваем выкрываць жахлівыя факты пра генацыд беларускага народа падчас Вялікай Айчыннай вайны».
Пра гэта Юрый Уладзіміравіч паведаміў на мітынгу-рэквіеме ў Хойніках.
- Цягам чатырох гадоў расследаванне крымінальнай справы аб генацыдзе нашага народа выяўляе новыя трагічныя факты. Мы не спыняемся на дасягнутым, прававую ацэнку дадуць і зверствам Хойніцкага паліцая-карніка Ермольчыка. Гэта трэба нам і новым пакаленням, каб не дапусціць скажэння гістарычнай праўды.
Ветэран працы Наталля Слесарэнка:»Любіць Радзіму — годнае пачуццё, яго не варта хаваць».
Пра гэта выказалася ветэран працы з Хойнік, якая стала ўдзельніцай мітынгу-рэквіема ў гонар Дня ўсенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны, Наталля Слесарэнка.
- Маё пакаленне вырасла з пачуццём абсалютнай павагі і гонару за сваю Радзіму. Хацелася б, каб цяперашнія пакаленні вярнулі гэтую традыцыю, бо любоў да Радзімы натхняе берагчы яе, развіваць і рабіць лепш. Мне было прыемна бачыць на мітынгу сем'і з дзецьмі, моладзь і школьнікаў. Значыць, ёсць шанец, што ў будучыні хлопцы працягнуць вялікую традыцыю шанавання сваіх герояў.
Ксенія Дыгун: «Наша памяць не павінна ператварыцца ў попел».
На мітынгу-рэквіеме слова падалі юнаму пакаленню. Гімназіст Дзмітрый баброў і вучаніца сярэдняй школы № 1 Ксенія Дыгун кранальна прачыталі верш «Попел».
- Нягледзячы на тое, што гэтыя радкі вельмі сумныя, бо кажуць пра жах вайны, яе цяжкі кошт і наступствы, нашы словы адгукнуліся хойнічанам. Мы вельмі стараліся перадаць той смутак, які застаецца пасля пакут, але не хочам, каб хоць хтосьці сёння даведаўся тое, што бачылі і адчувалі Ваенныя пакаленні,- падзялілася пасля выступу Ксюша.