Выборы Президента Республики Беларусь
Галоўная / Гасцям / Гісторыка-культурная спадчына

Гісторыка-культурная спадчына

Згодна з Дзяржаўным спісам гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь, на тэрыторыі Хойніцкага раёна ёсць 17 аб'ектаў матэрыяльнай спадчыны (3 помнікі архітэктуры, 1 воінскае пахаванне, 13 аб'ектаў археалогіі), 1 аб'ект нематэрыяльнай спадчыны (абрад «Провады русалкі»).

«Провады русалкі» - старадаўні абрад, які штогод адбываецца ў вёсцы Вялікі Бор Хойніцкага раёна, ў нядзелю пасля Тройцы.

У абрадавую дзею звычайна ўключана практычна ўсё насельніцтва вёскі Вялікі Бор. Кожны год напярэдадні свята, вясковая супольнасць выбірае на ролю русалкі маладую незамужняю дзяўчыну. Абрад пачынаецца пасля 18 гадзін, калі сонца яшчэ не села. Удзельнікі збіраюцца на паляне ў мясцовым парку, дзе плятуць шмат малых вянкоў і адзін вялікі, падчас гэтага выконваюць абрадавыя спевы. Дзяўчыну апранаюць у "адзенне русалкі", якое ўяўляе сабой убранне з галінак клёну, ліпы і кветак. Жанчыны старэйшага ўзросту заўсёды апранаюць традыцыйныя вясковыя строі, якія засталіся ім у спадчыну.

Калі ўсе неабходныя атрыбуты абраду гатовы, выстройваецца святочнае шэсце: напачатку ходуідзе русалка з аховай — маладымі хлопцамі, потым жанчыны старэйшага ўзросту з абрадавымі вянкамі, а за імі ўжо ўсе астатнія ўдзельнікі з кветкамі і невялічкімі вянкамі. Шэсце рушыць уздоўж вёскі да яе ўскрайку з песнямі, сярод якіх галоўная — «Правяду, правяду, русалачку да бору».

Мясцовыя жыхары, пачуўшы абрадавыя песні, выходзяць са сваіх двароў і далучаюцца да працэсіі. Так, з песнямі велізарнае абрадавае шэсце дасягае жытняга поля, каля якога запальваюць вялікае вогнішча. Моладзь і русалчыны хлопцы-вартавыя праганяюць русалку далёка ў жыта, дзе з яе зрываюць вянок і адмысловае «адзенне». Пасля гэтага ўсе ўдзельнікі вяртаюцца да вогнішча: водзяць карагоды, спяваюць, скачуць праз агонь. Старэйшыя жанчыны асвячаюць над вогнішчам вялікі абрадавы вянок і свае маленькія вянкі, разрываюць іх, раздаюць усім прысутным, каб неслі дадому і кідалі на градкі ў сваім гародзе, дзеля добрага ўраджаю.

«Провады русалкі» зараз – актуальная культурная з’ява і адначасова старадаўні сакральны абрад. Яго спраўлялі яшчэ бацькі, дзяды і прадзеды цяперашніх носьбітаў. Гэтая традыцыя часова перапынялася, але памяць жыхароў Вялікага Бору захавала, як у дзяцінстве яны з дарослымі хадзілі «за русалкай» і ў сярэдзіне 1990-х гг. абрад быў адроджаны.

У пачатку 2016 года пастановай Савета Міністраў РБ, абраду «Провады русалкі" быў наданы статус нематэрыяльнай гісторыка - культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. У інвентары ён пазначаны, як “традыцыйныя цырымоніі”, катэгорыя Б.

Правядзенне дадзенага абрада дае выдатную магчымасць, далучаць падрастаючае пакаленне і шырокія колы грамадства, да культурных традыцый Хойніцкага рэгіёну, да духоўных і культурных каштоўнасцяў, а таксама спрыяе культурнаму адпачынку і развіццю на Хойнікшчыне экскурсійнагатурызма і абслугоўвання.

Рудакаўскі маёнтак

Маёнтак каля вёскі Рудакоў Рэчыцкага павета Мінскай губерні згадваецца ў архіўных крыніцах з 18 стагоддзя. Цяпер Хойніцкі раён Гомельскай вобласці. Захаваліся будынкі з чырвонай цэглы пабудовы 1903-1905 гг. На кожнай цэгле - адбітак "W", першая літара ўладальніка цагельні і маёнтка. Цікавая вежа сыраробнага завода, гараж, гаспадарчыя пабудовы, дамы для служачых, брукаваныя дарожкі. Калісьці тут было маляўнічае возера з астраўком пасярэдзіне, на якое дабіраліся на лодцы. Цяпер яно высахла і зарасло, але гэта не перашкаджае разглядзець непаўторны ландшафт. Стары парк-гонар былых уладальнікаў. Яны садзілі дубы, бярозы, адзіныя ў краі ліпы, розныя гатункі шыпшынніка. І зараз можна памерацца сіламі са стогадовым дзядком-дубам. Два дваранскія роды – Аскерка і Ваньковічы – уладальнікі маёнтка. Аляксандр-Юстыніян Аскерка нарадзіўся ў 1830 годзе. Скончыў пецярбургскі ўніверсітэт, удзельнік паўстання 1863 г. на Беларусі і ў Літве, адзін з кіраўнікоў партыі «белых». Член Мінскага губернскага камітэта, Віленскай прысутнасці, начальнік г. Вільня. Арганізаваў выданне ў Варшаве беларускага буквара для дзяцей. Станіслаў Костка-Ваньковіч - апошні ўладальнік маёнтка. Член 2-й і 3-й Дзяржаўнай думы, прадстаўнік Рады Рэгенцкай на Украіне, паўнамоцны міністр у Кіеве. У Рудакове пабудаваў дарогі, меліярацыйныя каналы, цагельны, масласыраробчы і спіртавы заводы. Капаў сажалкі, разводзіў рыбу, саджаў сады і паркі. У цэнтры Хойнікшчыны на мяжы 19-20 стагоддзяў быў сфарміраваны сядзібны комплекс, які ўключаў у сядзібны дом і парк. Дом - двухпавярховы прастакутны ў плане будынак, да якога асіметрычна квадратная ў падставе вежа. Галоўны ўваход апраўлены тамбурам і тэрасай. На чырвоным фоне цагляных сцен вылучаюцца апраўленыя і пафарбаваныя ў белы колер дэталі архітэктурнага дэкору - лиштвы, карнізы, руст. У пластыцы фасадаў выкарыстоўваліся ўтрыраваныя формы класіцызму (франтоны, калоны), рэнесансу (аркавыя нішы з ракавінамі), матывы сярэднявечнай замкавай архітэктуры (зубчастыя парапеты, байніцы). Планіроўка калідорная з вылучэннем параднай групы памяшканняў. Межэтажныя ўсходы знаходзяцца ў цэнтральным у цэнтральным квадратным у плане вестыбюлі. Сядзібны дом - помнік эклектычнай архітэктуры. Парк пейзажна-рэгулярнага тыпу планіроўкі. Прастакутная сетка алей дапаўняюць паркавую кампазіцыю. Тут растуць мясцовыя пароды дрэў (асіна, ліпа, клён, лістоўніца). Уязная алея выдзелена чатырохпілоннымі варотамі. Уладальнікам Хойніцкай сядзібы з'яўляўся род Шуйскіх, потым маёнтак перайшоў Каралю Прозару, які паходзіў са старажытнага шляхецкага роду. Продкі яго прыехалі з Масквы ў Вялікае княства Літоўскае яшчэ ў 16 стагоддзі. Недалёка ад Дзясны яны атрымалі валоданне маёнтак Празарокі. Айцец Караля Іосіф быў віцебскім ваяводам. Сам Караль нарадзіўся ў 1759 г. Пасля смерці першай жонкі Іосіф Прозар ажаніўся на багатай удаве княгіні Шуйскай, уладальніцай Хойнік. У яе таксама было дзіця ад першага шлюбу - дачка Людвіга, якая выйшла замуж за Караля і атрымала ў пасаг Хойнікі і прылеглыя вёскі.

Барысаўшчанская сядзіба

На паўночнай ускраіне вёскі Барысаўшчына, на беразе р. Гаранка, у 2-й палове 19 - пачатку 20 стагоддзя была закладзена сядзіба. У аснову кампазіцыі ансамбля пакладзена рэгулярная планіроўка, якой падпарадкаваны ўсе пабудовы: сядзібны дом (не захаваўся), жылыя і гаспадарчыя будынкі, парк. Усе будынкі з цэглы, нетынкаваныя. Дамінуе будынак бровара, вырашанага ў выглядзе квадратнага ў плане аб'ёму з круглымі ў перасеку вежкамі па кутах. Архітэктурны дэкор у стылі псеўдаготыкі. Аднапавярховыя прастакутныя ў плане жылыя будынкі дэкарыраваны стылізаванымі порцікамі і фрызамі геаметрычнага малюнка. Парк пейзажнага тыпу з азярцом авальнай формы. Тут растуць дрэвы амаль 100 відаў (бяроза, самшыт вечназялёны, цюльпанавае дрэва, шаўкоўніца белая, ліпа амерыканская, дуб, ігліца, туя заходняя і інш.). Да сядзібы прымыкае фруктовы сад, агароджаны каменнай сцяной, уздоўж якой пасаджаны дрэвы. Сядзіба - помнік эклектычнай архітэктуры.