Старшыня аблвыканкама Іван Крупко таксама звярнуў увагу на легалізацыю самавольна занятых грамадзянамі зямельных участкаў
Задачы вызначаны, уключаюцца ўсе
Тэму добраўпарадкавання і навядзення парадку разабралі на прыкладзе двух раёнаў – Калінкавіцкага і Буда-Кашалёўскага. Як і ва ўсім рэгіёне ў іх распрацаваны і рэалізуюцца выразныя планы работ, дзейнасць актывізавана ў сувязі з правядзеннем у краіне года добраўпарадкавання. Да выканання задач падключаюцца ўсе магчымыя рэсурсы, матэрыяльныя і кадравыя. Работы кіпяць у населеных пунктах, сельскагаспадарчых аб'ектах, лясах і ўздоўж дарог.
Акцэнт паўсюдна робяць на азеляненні. На Калінкаўшчыне, да прыкладу, плануюць высадзіць сёлета звыш за 2,8 тысячы дрэў, каля 600 кустоў, 100 тысяч кветкавых насаджэнняў.
Кожны ўчастак таго ці іншага населенага пункта павінен быць замацаваны за пэўным прадпрыемствам, арганізацыяй. Адказнымі за чысціню і парадак становяцца працоўныя калектывы і іх кіраўнікі. У названых раёнах гэта патрабаванне выканана. Але па сутнасці яно з'яўляецца няўхільным для ўсіх.
Больш масава ў раёнах, заўважыў Іван Крупко, трэба прыцягваць саміх грамадзян, мясцовых жыхароў. Людзі павінны ўтрымліваць у парадку як мінімум свае домаўладання, абкошваць траву, не дапускаць навалы будаўнічых і іншых адходаў. Прыводзіць у належны выгляд агароджы і фасады дамоў.
Не павінны ігнараваць свае абавязкі і прадстаўнікі прыватнага бізнесу – утрымліваць у чысціні тэрыторыі, прылеглыя да іх офісаў, гандлёвых аб'ектаў.
Выяўляліся таксама факты невыкарыстання сельгаспрадпрыемствамі участкаў лугапашавых угоддзяў. Кантроль такіх гаспадарак будзе больш жорсткім.
Паскарацца ў гэтых двух і многіх іншых раёнах неабходна са зносам закінутых будынкаў. Пазбаўляючыся ад іх, мы паляпшаем эстэтыку і павышаем узровень бяспекі, не толькі пажарнай.
На Будакашалёўшчыне, па словах губернатара, трэба больш актыўна добраўпарадкоўваць абочыны рэспубліканскіх аўтадарог. Большай аддачы ад раёна чакаюць і ў барацьбе з інвазівным раслінамі, у першую чаргу – з сумнікам канадскім.
Паўсюль асаблівая ўвага да ўборкі могілак. Даручана паскорыць абразанне і знос аварыйных дрэў, устаноўку агароджаў.
У вобласці таксама наспела неабходнасць аптымізацыі працы палігонаў цвёрдых камунальных адходаў. Агучана рашэнне больш актыўна прыцягваць да гэтай дзейнасці, а менавіта – да сартавання адходаў, незанятых у эканоміцы грамадзян.
Трава па пояс і дроў нямала
Халодны май падсапсаваў ўсходы, скарэктаваў тэрміны пасяўной і плошчы работ. Дзе-нідзе яшчэ працягваюць сеяць кукурузу. Завяршыць сяўбу царыцы ўсе гаспадаркі абавязаны да 5 чэрвеня, падкрэсліў старшыня аблвыканкама.
Увесь АПК абавязаны актывізаваць корманарыхтоўку. Касіць траву не толькі на падкорм жывёле, але і закладваць у траншэі. Трава стаіць па пояс і вышэй – самы час нарыхтоўваць. Без прамаруджання, прыцягваючы дадатковыя тэхніку і кадры.
Разгледзелі пытанне рэалізацыі драўніны пасля распрацоўкі бураломных лесасек. Даручана аператыўна вывезці такую драўніну з лесфонду. На месцах у раёнах рыхтуюцца пляцоўкі для захоўвання, праца ідзе. З палёў драўніну ўжо вывезлі. Дровамі камунальнікі забяспечаны з вялікім запасам. Стаіць задача стварыць належныя ўмовы для іх захоўвання, не дапусціць страт гэтага каштоўнага ў наш час рэсурсу.
Легалізацыя самавольна занятых жыхарамі вобласці зямельных участкаў ідзе недастаткова актыўна. Людзей у большай ступені хвалюе матэрыяльны бок пытання. Хоць ўзаконіць такія соткі можна і ў растэрміноўку, на вельмі прымальных умовах. Тыя, у каго на іх размешчаны капітальныя будынкі, легалізуюць зямлю куды больш ахвотна. Астатнія ж, у каго тэрыторыя проста абгароджаная плотам, занялі пазіцыю чакання. У гэтай сувязі важна ўзмацніць тлумачальную працу з насельніцтвам. Асабліва ў Жыткавіцкім раёне.