Версия для печати
Размер шрифта:
Фото
Печатать

Зацверджана праграма развіцця раёнаў Прыпяцкага Палесся на 2025-2030 гады

24.01.2025
Зацверджана праграма развіцця раёнаў Прыпяцкага Палесся на 2025-2030 гады

Зацверджана праграма развіцця раёнаў Прыпяцкага Палесся на 2025-2030 гады. Адпаведная пастанова Савета Міністраў Беларусі нумар 1072 ад 31 снежня 2024 года апублікавана на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, паведамляе БЕЛТА.

Як адзначана ў агульных палажэннях праграмы, яна распрацавана ў адпаведнасці з даручэннем Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, што змяшчаецца ў падпункце 1.1 пункта 1 пратакола даручэнняў ад 22 кастрычніка 2024 года нумар 20.

Рэалізацыя дакумента нацэлена на рост дабрабыту і якасці жыцця насельніцтва раёнаў Прыпяцкага Палесся: Ганцавіцкага, Лунінецкага, Столінскага і Пінскага раёнаў Брэсцкай вобласці, Ельскага, Жыткавіцкага, Калінкавіцкага, Лельчыцкага і Петрыкаўскага раёнаў Гомельскай вобласці. Аснова росту - павышэнне эфектыўнасці выкарыстання ўнікальнага прыродна-рэсурснага патэнцыялу, умацаванне прамысловага комплексу, укараненне лепшых практык работы на зямлі, фарміраванне камфортнага асяроддзя, якое спалучае асаблівасці і перавагі сельскага ўкладу жыцця з гарадскімі стандартамі інфраструктурнага добраўпарадкавання і сэрвіснага абслугоўвання. Яшчэ адна мэта - фарміраванне доўгатэрміновай асновы ўстойлівага росту эканомікі.

"У якасці базавай мадэлі прапануецца стратэгія развіцця раёнаў Прыпяцкага Палесся як рэгіёна высокай якасці жыццядзейнасці зыходзячы з трох ключавых складнікаў: эфектыўная і збалансаваная эканоміка, фізічны і маральны дабрабыт, камфортнае пражыванне", - адзначана ў праграме.

Яна падрыхтавана зыходзячы з пераемнасці мэт устойлівага развіцця: забеспячэнне адкрытасці, бяспекі, экалагічнай устойлівасці гарадоў і населеных пунктаў, садзейнічанне ўстойліваму эканамічнаму росту, прадукцыйнай занятасці і дастойнай рабоце для ўсіх, а таксама пераход да рацыянальных мадэлей спажывання і вытворчасці.

Праграма ўключае тэкставую частку, якая раскрывае асноўныя палажэнні кожнага з ключавых складнікаў, а таксама комплекс мерапрыемстваў па іх дасягненні з пазначэннем заказчыкаў, крыніц фінансавання, вынікаў і індыкатараў дасягнення мэт і задач.

"Пры гэтым улічана спецыялізацыя кожнага раёна, асаблівасці вядзення гаспадарчай дзейнасці ў асобных раёнах ва ўмовах наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС", - падкрэслена ў дакуменце.

Мэтавыя індыкатары ўстаноўлены на канец кожнай пяцігодкі. Для кантролю за рэалізацыяй праграмы прадугледжаны методыка ацэнкі яе эфектыўнасці і сістэма маніторынгу.

Пастановай Савета Міністраў рэкамендавана да 1 сакавіка 2025 года вызначыць узгодненыя з Міністэрствам эканомікі Брэсцкаму аблвыканкаму ва ўзаемадзеянні з Брэсцкім абласным Саветам дэпутатаў, Гомельскаму аблвыканкаму ва ўзаемадзеянні з Гомельскім абласным Саветам дэпутатаў дарожныя карты па рэалізацыі праграмы ў абазначаных раёнах, а таксама паказчыкі.

Як адзначана ў праграме, на 1 студзеня 2024 года колькасць насельніцтва раёнаў Прыпяцкага Палесся склала 345,7 тыс. чалавек (3,8 працэнта насельніцтва рэспублікі), у тым ліку гарадское насельніцтва - 167,1 тыс., сельскае - 178,6 тыс. чалавек.

Агульная плошча раёнаў Прыпяцкага Палесся складае 24,1 тыс. кв.км, або 11,6 працэнта плошчы рэспублікі. У зоне радыяцыйнага забруджвання знаходзяцца Лунінецкі, Пінскі, Столінскі раёны Брэсцкай вобласці, Ельскі, Жыткавіцкі, Калінкавіцкі, Лельчыцкі раёны Гомельскай вобласці.-0-

БЕЛТА - Навiны Беларусi

© ХОЙНIЦКI РАЁННЫ
ВЫКАНАЎЧЫ КАМІТЭТ, 2025.