Кіроўцу Аляксандру Кардашу ўдалося перавезці дзве тысячы тон збожжа. Парадавалі тысячным намалотам Экіпажы мужа і жонкі Андрэя і Ганны Краўчанкі, братоў Барыса і Сяргея Герасіменкі. Два кіроўцы-Аляксандр Дзенісюк і Уладзімір Кардаш - таксама перасягнулі запаветную мяжу.
Героі ўборачнай кампаніі прымалі віншаванні ад кіраўніцтва, калег, прадстаўнікоў раённых арганізацый і аб'яднанняў. У іх ліку старшыня райсавета дэпутатаў і лідар раённага аддзялення Беларускай партыі «Белая Русь» Людміла Рудчанка, начальнік упраўлення райсельгасхарчу Аляксандр Максімовіч, дырэктар ААТ "Велецін Агра" Аляксандр Краўчанка, старшыня Паселіцкага сельвыканкама Кацярына Місючык, лідар райкама прафсаюза АПК Святлана Марчанка, першы сакратар райкама БРСМ Наталля Іўлева, лідар раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Святлана Добуш, прадстаўнік раённай арганізацыі ГА «БСЖ» Таццяна Назарава.
«Безумоўна, быць першым двухтысячнікам на Хойніччыне вельмі прыемна, - адказвае на пытанне, якое гэта апынуцца лідарам жніва, Аляксандр Кардаш. - Я проста выконваў сваю працу. Як заўсёды, стараўся зрабіць яе добра.
«Калі б не капрызы нябеснай канцылярыі, то ўжо даўно была тысяча. Нам з братам у дуэце працаваць разам - адно задавальненне. Самі мы з Брагіна, адлегласць да Велеціна невялікая, таму вырашылі сесці сёлета тут на камбайн. Удала атрымалася», - адзначыў Барыс Герасіменка.
Сваім уражаннем ад узнагароды падзялілася адзіная ў гэтым сезоне жанчына-камбайнер у раёне Ганна Краўчанка: - мяне муж за нашу перамогу на руках ужо носіць (усміхаецца). Лічу сябе шчаслівым чалавекам, бо ў мяне ёсць усё: сям'я, дом і праца. І, упэўнена, што сямейныя повязі таксама дапамаглі ў хлебаробскай справе.
На ўшанаванні двухтысячніка і тысячнікаў нічога не скончылася. Была яшчэ адна цудоўная нагода-дзень нараджэння дырэктара ААТ «Велецін Агра» Аляксандра Пятровіча Краўчанкі.
Падарункі, песні і апладысменты ад ганаровых гасцей сталі выдатнай узнагародай для імянінніка. «Сёння такі добры дзень, але галоўнае ўсё ж такі-гэта ўраджай. І сапраўдныя героі-мае хлопцы і наша Ганна. Яны заслужылі быць лепшымі», - падкрэсліў дырэктар сельгаспрадпрыемства.